» » Культура людзей значыць многае...

Культура людзей значыць многае...

Автор: vadpost от 29-03-2012, 17:00

Культура людзей значыць многае...

 

Кисель Александр Иванович Калі на двары вясна, сонца прыгравае мацней з кожным днём, неяк ужо і не верыцца, што зусім нядаўна мы перажылі некалькі тыдняў з анамальна нізкай для нашай Беларусі тэмпературай. Як перажылі гэты няпросты час камунальнікі? Якія ўрокі далі нам вялікія маразы? Відаць, невыпадкова прафесійнае свята камунальнікаў прыпадае на пару, калі з зімой можна развітацца да наступнага ацяпляльнага сезону – ёсць магчымасць пагаварыць прадметна пра тое, як перазімавалі, і пра тое, што новага ў планах на лета. Напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы сустрэліся з генеральным дырэктарам ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” Аляксандрам Іванавічам Кісялём.


– Аляксандр Іванавіч, на што паказалі вялікія маразы, што патрабуе сёння абавязковай увагі камунальнікаў?
– Хоць і кажуць, што некалі, калі “дрэвы былі вялікімі”, былі і зімы снежныя ды марозныя, тым не менш, маразы з тэмпературай ніжэй за 30 градусаў – з’ява выключная, анамальная для Беларусі. Асабліва з улікам таго, што ў свой час панельныя дамы былі спраектаваны на эксплуатацыйны рэжым пры мінус 22 градусы. Трэба сказаць, на той час і не існавала сучасных сістэм дадатковага ўцяплення сцен. Таму самы галоўны для нас вывад з мінулай зімы: неабходна павялі-
чыць аб’ёмы цеплавой рэабілітацыі існуючых панельных дамоў. Мы назіралі і прамярзанні, цеплавізары пацвярджаюць уцечку цяпла скрозь сцены.

– Ці справіліся з вялікімі халадамі кацельні, якія працуюць цяпер на мясцовых відах паліва?
– Так, ніякіх праблем тут не ўзнікла. Зразумела, паліва пайшло болей, недзе нам давялося павялічыць колькасць абслугоўваючага персаналу, але кацельні сёння маюць запас магутнасці. Разам з тым, мадэрнізацыя кацельных запланавана ў гэтым годзе: недзе будзем мяняць старыя чыгунныя катлы на эканамічныя стальныя. Вялікая работа запланавана ў Быцені: там будзем закрываць тры кацельні, якія абслугоўваюць сацыяльныя аб’екты, а даваць тым аб’ектам цяпло ад адной, удасканаленай кацельні.

– Але ж у апошні час толькі і гаварылася пра ледзь не кватэрныя катлы ў кожным доме, пра неабходнасць дэцэнтралізацыі, а Вы – за цэнтралізацыю?
– Нейкі новы, у многім разумны падыход мы часам успрымаем як абавязковы загад. І пачынае бяздумна, па аднаму шаблону, ламацца недзе і цалкам дзеяздольная эканамічная сістэма. Ва ўсім патрэбен эканамічны разлік. У Быцені ў 100-150 метрах ад адной кропкі размешчаны чатыры аб’екты. Стаіць чатыры кацельні, усе яны маюць абслугоўваючы персанал. Пры выкарыстанні сённяшніх труб з новай тэхналогіяй прэдізаляцыі на такой адлегласці страты цяпла будуць мінімальныя. І другі выпадак: калі ад кацельні да аб’екта ацяплення цэлы кіламетр, як гэта было ў Квасевічах. Нават самыя сучасныя тэхналогіі не могуць уратаваць ад амаль 30% стратаў. У Івацэвічах СШ №3 была падключана намі да гарадской кацельні – і мы на практыцы пабачылі правільнасць ранейшых разлікаў. Усё трэба лічыць…

– У добраўпарадкаванні зрухі ў лепшы бок за апошнія гады відавочныя, але, скажам шчыра, неяк марудна… Можа, у Вас ёсць нейкія новыя напрамкі ў гэтым плане?
– Ёсць, і мы будзем іх рэалізоўваць па меры сваіх магчымасцей. Сёння прыйшло, бадай, галоўнае разуменне: усякія нашы старанні, грашовыя сродкі не прыня-
суць належнага, чаканага эфекту ў справе добраўпарадкавання, пакуль не зменіцца свядомасць людзей, пакуль на нейкім нязначным узроўні будзе заставацца культура быцця. На выхаванне культуры і павінна быць скіравана ўся наша дзейнасць.

– Але не аднымі заклікамі…
– Безумоўна. Таму мы пачынаем прадпрымаць планавы, комплексны падыход да добраўпарадкавання, як пачалі раней такі ж падыход у плане капітальных рамонтаў будынкаў. Што гэта значыць? Напрыклад, у гэтым годзе мы плануем для сябе комплексныя работы на двух прыдамавых тэрыторыях. Там будзе зроблена не частковае ўпрыгожванне і навядзенне парадку, а вялікая работа, распланаваная, з улікам выказаных раней пажаданняў жыльцоў. Думаем, па заканчэнні гэта дасць вельмі вялікі эфект, будзе стымуляваць грамадзян да дбайных адносінаў. Адначасова з гэтай работай мы плануем рабіць стаўку на ўцягванне ў працэс навядзення і падтрымкі парадку саміх жыльцоў праз стварэнне дамавых камітэтаў. Людзі павінны зразумець, што яны – гаспадары тут, у сваім двары. Эстэтыка чысціні і парадку павінна даходзіць да кожнага з маленства.

– Няпростая гэта работа…
– Няпростая, але ж спробы стварэння такіх камітэтаў паказалі, што яны маюць плён, што можна адвучыць людзей ад псіхалогіі ўтрыманства ў адносінах да свайго двара. Аб гэтым жа і раёнка расказвала. Усе ведаюць: калі самі людзі прыкладуць рукі да чысціні, то берагуць тое, што зроблена.

– Але ж наўрад ці можна лічыць удалай спробу прывучыць нашых людзей да раздзельнага збірання смецця. Тыя кантэйнеры, якія, напрыклад, вы паставілі для збору пластыка, запаўняюцца звычайным смеццем, у звычайныя кантэйнеры ляціць шкло…
– Я б не спяшаўся з вывадамі. Тут і марыць не трэба было, што за нейкіх тры гады мы зменім псіхалогію людзей, прывучым да культуры ў такой вобласці. Адступаць нам нельга: раздзельнае збіранне смецця – не капрыз, гэта патрабаванне часу. Сёння мы не маем права ўтылізаваць паперу, тканіну, шкло, пластык – усё гэта другасныя матэрыялы, яны ідуць у перапрацоўку. Так жыве ўвесь цывілізаваны свет. Наш палігон – гэта ўжо цэлая фабрыка. І далей справа будзе толькі набіраць размах.

– Калі з гараджанамі справы яшчэ неяк пакрысе прасоўваюцца наперад, то ўпартасць вяскоўцаў у цывілізаваным збіранні смецця выклікае, па меншай меры, раздражненне. Апошні сход у Быцені, пра які мы пісалі, паказаў і гэтую праблему. Як будзеце яе вырашаць?
– Асаблівых змен не будзе: угаворваць і пераконваць. Праўда, у адносінах да населеных пунктаў, якія знаходзяцца блізка да Івацэвічаў, паспрабуем прымяніць другую тактыку: будзем устанаўліваць кантэйнеры для збору смецця. Будзе зроблена спецыяльная пляцоўка, паставім туды кантэйнеры. Набудзем яшчэ колькі адзінак неабходнай тэхнікі – і будзем спрабаваць змагацца са стыхійнымі звалкамі такім спосабам.

– Якія работы намечаны ў райцэнтры?
– У нас многа такіх месцаў, якія патрабуюць рук і грошай, каб палепшыць іх выгляд і зручнасць. Недзе кавалак тратуара застаўся недаробленым, незаасфальтаваны ўчастак… І гэтак далей. Вось у гэтым годзе стаіць задача прыбраць гэтыя прыкрасці, давесці да ладу асобныя ўчасткі. Чакае вялікая работа на вуліцы Паштовай. Трэба нешта рабіць тут: вуліца застаўлена аўтамабілямі, а тут жа – вакзал побач, многа людзей. Адначасова зробленая стаянка для аўтамабіляў пустуе. Чакаюць рамонту 38 балконаў, трэба адрамантаваць больш за 9000 квадратных метраў дахаў. Як я ўжо казаў, запланаваныя комплексныя работы на двух прыдамавых тэрыторыях. Плануем пакрысе прывесці ўсе двары ў горадзе ў належны стан.

– Пры такой рабоце ці будуць пашыраны месцы для прыпынкаў аўтамабіляў? Балючая тэма для Івацэвічаў, а некалі стане яшчэ вастрэй.
– Так, некалі гэтыя кішэні для прыпынкаў аўтамабіляў рабіліся з разліку два аўтамабілі на пяць сямей. Ну, а сёння ў некаторых сем’ях ужо па два аўтамабілі. Гэта рэальнасць, ад яе нікуды не дзецца. Таму, канечне, будзем улічваць яе пры адпрацоўцы прыдамавой тэрыторыі.

– У многіх жылых дамах пад’езды не радуюць вока. Што тут робіцца?
– Перш чым раскажу пра свае планы, успомніце, некалі і раёнка пісала пра тое, якія пад’езды можна сустрэць у нашых дамах: усе ў кветках, сцены прыгожа размаляваныя, чысціня і ўтульнасць. І гэта не нашы работнікі там шчыруюць, гэта самі жыльцы. Адсюль зноў той самы вывад: не толькі ад укладзеных грошай залежыць чысціня і парадак. Так, у нас запланаваны рамонт 30 пад’ездаў. Але чаму ў некаторых дамах за чысцінёй на пляцоўцы сочаць самі яе жыхары? Чаму ў іншых пад’ездах дзіця кіне абгортку ад цукеркі, а маці яму заўвагу не зробіць? Вось у чым праблема. І гэту праблему рэальна можна перавесці ў грошы: каб сёння арганізаваць прыбіранне ў пад’ездах, на зарплату работнікам, на набыццё інструментаў ды прылад трэба ў год 800 мільёнаў рублёў. Гэта сума, якая так бы спатрэбілася ў іншым месцы для агульнай карысці. І мы будзем імкнуцца найперш даводзіць да людзей тую простую ісціну, што за парогам кватэры не заканчваецца месца, дзе ты жывеш. Што грошы, якія мы трацім на мыццё пад’езда, замену паламаных дзвярэй, выбітага шкла, можна было б патраціць на іншыя, не менш актуальныя мэты. Мне б вельмі хацелася, каб кожны з нашых жыхароў раёна, гарадоў і вёсак зразумеў простую ісціну: цывілізаваным, па-сапраўднаму еўрапейскім, культурным населены пункт становіцца не таму, што ён геаграфічна размешчаны ў Еўропе, не таму, што ў кватэрах зроблены еўрарамонты і людзі ездзяць на іншамарках, не таму, што трацяцца велізарныя сродкі на навядзенне парадку і чысціні, а толькі таму, што ў ім жывуць па-сапраўднаму цывілізаваныя, культурныя людзі. І тады ўсё ў нас атрымаецца.

Інтэрв’ю правёў
Валерый ГАПЕЕЎ.

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Комментарии:

Оставить комментарий
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.